Секция 1. СОЦИАЛЬНО-ГУМАНИТАРНЫЕ ПРОБЛЕМЫ,
ПСИХОЛОГИЯ И ПЕДАГОГИКА
Як і калі ўзніклі нашы прозвішчы
Кубракова К.С., студэнтка 1-га курса гуманітарнага факультэта
Навуковы кіраўнік Бандарэнка Т.П., кандыдат філалагічных навук, дацэнт
Адна з прычын ўзнікнення прозвішчаў – недастатковая колькасць ўласных імён, што прыводзіла да нязручнасці. Каб пазбегнуць гэтай нязручнасці, былі знойдзены сродкі для абазначэння таго ці іншага чалавека. Такімі сродкамі сталі другое імя, імя па бацьку, мянушка, назва мясцовасці, адкуль чалавек родам.
Найбольш прадуктыўнымі на Беларусі былі прозвішчы, звязаныя з родам заняткаў ці прафесіяй бацькі, дзеда, прадзеда. Яны на працягу многіх гадоў і стагоддзяў перадавалі інфармацыю пра тое, чым займалася сям’я спрадвеку: Алейнік – той, хто гнаў алей з ільнянога ці канаплянага семя; Бірыч – вяшчальнік, які зачытваў на плошчы пастановы валаснога старасты; Бондар – той, хто рабіў з дрэва посуд.
Прозвішча – гэта афіцыйнае, засведчанае ў дзяржаўных паперах, прынятае ў спадчыну родавае імя чалавека, што пераходзіць ад бацькі да сына. Дочкі па традыцыі не мелі права запісваць дзявочае прозвішча як афіцыйнае, гэта дазвалялася толькі ў багатых, знакамітых сем’ях.
Прозвішчы на Беларусі пачалі складвацца ў ХV–ХVІ стагоддзях, яны фіксаваліся ў афіцыйных актах і замацоўваліся ў народнай свядомасці. Даўнія прозвішчы, што былі ва ўжытку як мясцовыя, з часам знікалі. Напрыклад, калі гаспадар паміраў і доўгі час гаспадарку вяла яго жонка, не выходзячы замуж, узнікала і новае прозвішча, напрыклад Касіны – дзеці Кацярыны. Часцей у гэтым выпадку прозвішчы дзяцей вярталіся да мянушкі, якую насіў род. Прозвішчы, у адрозненне ад мянушак, больш аддалены ад рыс, характэрных для пэўнага носьбіта іх.
Многія прозвішчы ўтварыліся ад дахрысціянскіх імён, звязаных у свой час з назвамі рыб, птушак, раслін, ягад: Воўк, Ліса, Вярба, Маліна, Каліна і іншыя.
Паступовы працэс фарміравання прозвішчаў можна растлумачыць так: адны прозвішчы паходзяць ад агульных назоўнікаў (Бондар, Каваль, Воўк, Рысь), другія ўтварыліся ад уласных імён (Іван->Іванюк->Івановіч->Іваненка->Іваноў), трэція – ад шматлікіх агульных назоўнікаў, якія на першым этапе падкрэслівалі асаблівасць чалавека, характарызавалі яго (Драмак, Пеўчук, Сляпы, Гарбаты, Крывабока).
Некаторыя беларускія прозвішчы ўтварыліся ад назваў прафесіі (Стралец, Каваль, Купец), ад паселішчаў, дзе чалавек нарадзіўся (Туравец, Пінчук, Слуцкі, Палачанін, Ашмянскі).
Іншыя прозвішчы паходзяць ад назваў язычніцкіх багоў, міфалагічных істот: Велес, Хорс, Пярун, Лель, Мароз і іншыя. Такія лексемы доўгі час выступалі ў якасці імён, а ў пазнейшыя перыяды сталі прозвішчамі (ці словамі, на аснове якіх пры дапамозе разнастайных марфем з’явіліся некаторыя сучасныя прозвішчы тыпу Веляскевіч, Хорсун, Багавік і іншыя).
Частка беларускіх, як, дарэчы, і большасць рускіх прозвішчаў, утварыліся ад каляндарных асабовых імён візантыйска-грэчаскага або рымска-каталіцкага паходжання, якія раней фіксаваліся ў святцах (царкоўным календары): Івановіч, Іваноўскі, Іванёнак, Іванчанка, Іваноў; Александровіч, Александронак, Александроненка.
Беларускія прозвішчы нярэдка супадаюць з некаторымі імёнамі: Барыс (Борыс), Дземянцей, Тарас, Іванцей, Герман, Васька. У асобных такіх прозвішчах носьбіты мяняюць націск, каб дыферэнцыпаваць імя ад прозвішча: Барыс-Борыс, Тарас-Тарас.
Некаторыя беларускія прозвішчы ўтварыліся ад назваў народаў і этнічных груп, што некалі жылі ў Беларусі або па розных прычынах трапілі ў Беларусь, а пазней асіміляваліся сярод беларусаў: Кацапаў, Кацаповіч, Кацапоўскі (кацапамі на ўсходзе называлі былых старавёраў, якія перасяліліся з цэнтральных абласцей Расіі); Паляк, Палячок, Лях, Ляхавец (ляхамі на Украіне і Беларусі некалі прыніжана называлі палякаў); Мазур, Мазурук, Мазуронак, Мазураў (мазуры – этнічная група палякаў, што жыве на паўночным усходзе Польшчы).
У ліку такіх прозвішчаў можна назваць: Прус, Прусак, Прусаў (прусакамі некалі называлі ўраджэнцаў або жыхароў Прусіі); Швед, Шведаў, Шваб, Швабаў (швабамі на Беларусі і ў Польшчы называлі выхадцаў з Германіі, спачатку – з былога герцагства Швабія); Маскаль, Маскаленка, Маскалёў (маскалямі некалі на Беларусі і Украіне называлі жыхароў Маскоўскай дзяржавы і салдат); Жамойда, Жамойдзін (так некалі на Беларусі называлі ўраджэнцаў этнічнай Літвы – Жамойціі).
На самым раннім этапе прозвішчамі былі двухслоўныя найменні, у структуру якіх уваходзіла ўласнае імя з суфіксамі -овіч, -евіч, -іч, -іц, -ін, -оў,
-ёў і іншымі, гэта значыць-імёны па бацьку тыпу Іван Лукашэвіч, прыметнікі на -скі, -цкі, што звычайна характарызавалі асобу чалавека па назве мясцовасці або назве населенага пункта тыпу Аляксандр Халецкі (з Хальча).
Нярэдка пачуўшы або прачытаўшы прозвішча, мы можам здагадацца, якой нацыянальнасці яго носьбіт. Так,лічыцца, што прозвішчы тыпу Іваноў, Раманаў, Сядых, Федзін, Малінін належаць рускім людзям; Пятрэнка, Каваленка, Астапчук – украінцам; Сакалоўскі, Шыдлоўскі, Герак – палякам; Плякайціс, Мельнікайтэ – літоўцам.
А зараз паспрабуем растлумачыць некаторыя нашы, беларускія, прозвішчы, напрыклад: Адамовіч. Тыпова беларускае прозвішча, утворанае ад бацькавага імені Адам. Сям’ю Адама называлі Адамовічамі. Само ж імя Адам мае біблейскае паходжанне – ад старажытнаяўрэйскага слова «хаддам», што значыць першы чалавек.
Старажытнаславянскае імя Багдан (богам дадзены) пакладзена ў аснову прозвішча Багдановіч.
Адным з даўніх стараславянскіх імён было імя Ждан. Так называлі некалі першага у сям’і сына, якога доўга чакалі, бо нараджаліся ўсе дзяўчынкі. Ад гэтага імя і пайшло прозвішча Ждановіч.
Ларчанка – ад рускага «ларь», што значыць скрыня. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі словам «ларь» называлі гандлёвую палатку. Чалавеку, які меў такі ларок і гандляваў нейкім таварам, і далі гэта прозвішча.
Прозвішча Пінчук указвае на прыналежнасць чалавека да горада Пінск і яго ваколіц, жыхароў, якіх называюць пінчукамі.
Такім чынам,прозвішчы на Беларусі пачалі фарміравацца ў XV–XVI стагоддзях. Найбольш прадуктыўнымі былі прозвішчы, звязаныя з родам заняткаў ці прафесіяй людзей, асаблівасцямі іх характару. Некаторыя беларускія прозвішчы утварыліся ад назваў народаў і этнічных груп, што некалі жылі на Беларусі. Многія прозвішчы паходзяць ад візантыйска-грэчаскіх або рымска-каталіцкіх асабовых імён.
Калі праглядаешь метадычныя кнігі, царкоўныя і касцёльныя, перад вачыма праходзяць цэлыя гістарычныя эпохі. Таму мы лічым, нельга бясконца прыдумваць новыя прозвішчы,мяняць іх, лепш разумна карыстацца тым, што ўжо прыдумана народам.
ЛІТАРАТУРА
1. Жучкевіч, В.А. Чаму так названа / В.А.Жучкевіч. – Мінск, 1969.
2. Жучкевіч, В.А. Кратний топонимический словарь / В.А. Жучкевіч. – Мінск, 1974.
3. Пытанні беларускай тапонімікі. – Мінск, 1970.
|