ТатарскІ след у назвах зямлi беларускай
Смусянок А.З., студэнтка 1-га курса гуманiтарнага факультэта
Навуковы кiраунiк Бандарэнка Т.П., дацэнт, кандыдат фiлалагiчных навук
Працяглы час жыццё татарскага народа на зямлi, якая знаходзiцца так далёка ад яго прарадзiмы, моцна звязала гэты народ з «зямлёй пад белымi крыламi» (У. Караткевiч). З часу пасялення вялiкай колькасцi воiнаў хана Тахтамыша ў месцах, вызначаных Вялiкiм Вiтаўтам, мiнула шэсцьсот год. Але яшчэ да 1397 г. на землях былога Вялiкага княства Лiтоўскага ўжо знаходзiлi сабе прытулак асобныя групы золатаардынскiх воiнаў, якiя трапiлi сюды цi па добрай волi, цi як палоннiкi. У войсках Альгерда i Гедэмiна таксама былi татарскiя воiны.
Вялiкiя ўладаннi татар узнiкаюць у канцы ХV – пачатку ХVI ст.ст. у прадмесцi Вiльнi – Лукiшках, у Немежы, Навагродскiм, Менскiм, Лiдскiм, Ашмянскiм, Брэсцкiм, Троцкiм паветах.
Многiя буйныя татарскiя пасяленнi, якiя iснуюць цяпер у Беларусi, узнiклi толькi ў ХIХ ст. – у Глыбокiм, Докшыцах, Вiдзах, Мядзелi. У свой час таксама жылi ў вялiкай колькасцi, а зараз iх засталося мала ў Слуцку, Нясвiжы, Клецку, Дзятлаве.
У назвах населеных пунктаў Беларусi, звязаных з жыццём татар, розная этымалогiя.
Некаторыя назвы, магчыма, мелi iншую гукавую афарбоуку (Эмiр – Мiр, Эўе – Iўе). «Сапраўднай афiцыйнай формай тапанiмii трэба лiчыць вусную сучасную беларускую форму тaпанiмii: тую, якая iснуе ў карыстаннi народа» [1, с. 15].
Найбольш характэрнымi для геаграфiчных беларускiх назваў з’яўляюцца назвы з суфiксамi -iчы, -ова,-ева, -ка, -iшчы, -шчына. Пры утварэннi татарскiх назвау выкарыстоўвалiся, як правiла словаўтваральныя элементы -ын,-ына, - iцк, а таксама форма множнага лiку: Баранавiчы – суфiкс -iчы, Баторын – суфiкс -ын.
У аснову некаторых назваў пакладзены татарскi цi дваранскi тытул, цi вайсковы чын, цi характарыстыка чалавека-воiна. Напрыклад: Баторын (ад слова герой – багатыр), Бекiшы, Мурзы, Уланавiчы (ад тытулаў дваранскага роду), Туганы (ад слоў сокал, сваяк), Чавусы (нiжэйшы ваеначальнiк, дробнапамесны дваранiн). Ёсць тапонiмы цюркскага паходжання: Бабаевiчы (ад слова баба – стары), Басва (ад слова бай – гаспадар, багач), Баштан (ад слоў агарод, бахча).
Першым афiцыйна прызначаным для жыхарства месцам хана Залатой Арды Тахтамыша быў ужо заселены мясцовымi жыхарамi горад Лiда. Дом, у якiм жыў у 1396–1399 гадах хан разам з сям’ёй i слугамi, доўгi час захоўваў назву Тахтамышава двара.
Вялiкi князь Вiтаўт, запрашаючы татар Залатой Арды да сябе на вайсковую службу, пасяляў татарскiх воiнаў на памежных заходнiх тэрыторыях, утвараючы з гэтых пасяленняў абарончае ад крыжакаў паўкола, якое нагадвае нам мусульманскi сiмвал – ветах. Лiда ўваходзiла ў гэта абарончае кола.
Назва сталiцы Вялiкага княства Лiтоускага Койданаў таксама татарскага паходжання. Утварылася яна ад iмя татарскага хана Кайдана, што азначае «пасяленне, якое належала Кайдану». Цяпер назва горада зменена на Дзяржынск, але захавалася яна ў назве чыгуначнай станцыi Мiнск–Cтаўбцы–Баранавiчы–Брэст i ў назве мiнскай вулiцы Койданаўскай, якая цяпер вядома пад назвай Рэвалюцыйная.
Адкуль назва Целяханы? Вядома, што ў гэтым месцы калiсьцi была знойдзена магiла хана. А пасля каля кургана гэтай магiлы сялiлiся людзi. Адсюль i назва Целяханы. Аднак некаторыя даследчыкi лiчаць, што назва пайшла ад прозвiшча Целех i утварылася пры дапамозе суфiкса -iчы. У такiм выпадку павiнна было быць – Целяхiчы цi Целяхывiчы. Таму, на наш погляд, такую этымалагiчную версiю нельга лiчыць правiльнай.
Тапонiмы на -iчы ўзнiклi ў глыбокай старажытнасцi, калi форма множнага лiку абазначала рода-племянныя аб’яднаннi, калектывы родзiчаў або патронiмы (грэч. patros – бацька, i onoma – iмя продка па бацькоўскай лiнii). З той далёкай пары назвы на -iчы з’яўляюцца тыповымi для паселiшчаў вясковага тыпу. У наш час па такой мадэлi названы: Ляхавiчы, Смiлавiчы, Баранавiчы i iнш.
Баранавiчы – гэта малады горад, якi ўзнiк як паселiшча толькi ў II палове ХIХ ст., калi тут была пракладзена з Масквы на Варшаву. Этымалогiя тапонiма Баранавiчы не выклiкае ў спецыялiстаў пытанняў. Гэты патронiм узнiк ад прозвiшча Баран цi Барановiч i мае цюркска-татарскае паходжанне.
Сярод пасяленняў татар асоба вылучаецца мястэчка на шляху з Мира ў Навагрудак з назвай Турэц. Яго лёгка пазнаць па купальцах царквы, якiя высвечваюцца на пагорку. Дзiўна пераплятаюцца памiж сабой гэтыя дзве з’явы – царква i слова, блiзкiя да назвы народа iншай веры – да туркаў. Але назва мае дачыненне да качавых народаў – цюркаў (з цюркскай моўнай групы), хоць i па вымаўленню больш паходзiць да туркаў. Справа ў тым, што ў мiнулым паралельна з этнонiмам татары ўжывалiся яшчэ i цюркi – людзi са старажытнай цюркскай мовай.
Якуб Адамавiч Якубоўскi прааналiзаваў гэтыя выпадкi ў слоўнiку «Назвы населеных пунктаў» у кожнай вобласцi Беларусi (аўтар-складальнiк – Рапановiч Я.Н., 1981, 1982, 1983, 1986, 1987 гг.). I сярод больш чым 30 тысяч назваў вёсак, хутароў, пасёлкаў ён знайшоў тыя, якiя маюць корань – татар. Гэта:
Татарка – хутар у Бастынiцкiм сяле Лунiнецкага раёна; Татарынавiчы; Татар’я – вёскi ў Драгiчынскiм раёне (Брэсцкая вобласць);
Татаркi – вёска да 1939 г. у Светласелькiм паселiшчы Шумiлiнскага раёна; Татарск – вёска ў Лiпскiм паселiшчы Аршанскага раёна; Татары – вёска Мiёрскага раёна (Вiцебская вобласць);
Татарка – вёска ў Пагодзеўcкiм пасяленнi Воранаўскага раёна i хутар у Трабскiм сяле Iеўскага раёна; Татарыцы – вёска ў Бердаўскiм пасяленнi Лiдскага раёна; Татаршчына – хутар у Больцiшкаўскiм сяле Воранаўскага раёна i хутар да 1965 г. у Лунненскiм сяле Мастоўскага раёна, а пасля – вёска ў Бялкоўшчынскiм пасяленнi Смаргонскага раёна (Гродзенская вобласць);
Татарка – рабочы пасёлак і чыгуначная станцыя, цэнтр Татарскага сяла Асiповiцкага раёна; вёска ў Кручанскiм паселiшчы Круглянскага раёна; Татаркавiчы – вёска ў Ясенскiм паселiшчы Асiповiцкага раёна (Магiлёўская вобласць);
Татараўшчына – вёска ў Рабунскiм паселiшчы Вiлейскага раёна; Татарка i Татары – вёскi ў Залескiм паселiшчы Валожынскага раёна (Мiнская вобласць).
Цяпер аб назвах вёсак з асновай -улан. Тапонiм можа паходзiць як ад воiнскай назвы, так i ад прозвiшча. Але больш гэта назва асацыiруецца з татарскiмi коннiкамi. У Залатой Ардзе малодшыя прадстаўнiкi царскага дома, нашчадкi ханаў насiлi тытул улана.
Па рэестры лiтоўскага войска 1528 г., затым па дакументах 1563, 1631 гадоў Уланскае харунжаства пераходзiць ва ўласнасць воiнам-татарам. Назва гэтага харунжаства як раз i звязана з родавым тытулам, прадстаўнiкi якога ўзначальвалi харугву. Пазней уланскiмi пачалi называць таксама iншыя татарскiя палкi.
У цыкле паданняў аб назвах з кораням -гор, -горак (Рымшава Гара, Мамчына Горка, Гара Княгiнька, Красная Горка i iнш.) выдзяляецца паданне пра Багатыр-гару, на якой спачатку жыла, а потым загiнула i была пахавана жанчына-багатырка. У гэтым паданнi звяртае на сябе ўвагу не столькi сама жанчына з дзiвоснай сiлай, а тое, што з-за гэтай якасцi яе характыразавалi словам цюрска-татарскага паходжання – «багатырка», утвораным, безумоўна, ад слова «багатыр». У Залатой Ардзе слова «багатыр» («бахадур») было ганаровым тытулам мужнага воiна. У апавяданнi жанчына падманула татарскiх воiнаў, а яны пасля гэтага забiлi жанчыну-багатырку i пахавалi на гары. Гара i стала звацца пасля гэтага Багатыр-Гара.
Назвы Кажан-гарадок i Майдан-гарадок, паводле паданняў, тлумачацца так:
«З даўнiх часоў насельнiцтва гарадка займалася не толькi рыбнай лоўляй i сплавам лесу, але i вырабам скуры. Адсюль i назва Кажан («кожа»)-гарадок. Назва Майдан-гарадка пайшла ад татарскай коннiцы. Таму што ў тыя часы ў гэтым гарадку iснавалi плошчы для коней. З тых часоў i захавалася гэтая назва, паколькi на татарскай мове слова майдан абазначае i плошчу, i рынак, i месца, дзе стаяць конi».
Таксама з гiстарычных звестак вядома, што ў 1863 годзе ў Кажан-гарадок за падтрымкай прыйшлi паўстанцы Кастуся Калiноўскага. А татары у той час не стваралi ўласных атрадаў, а па-рознаму падтрымлiвалi вызваленчы рух i таксама у той час татарскi народ называуся кажанамi. I таму горад быў названы Кажан-гарадок.
Некаторыя паданнi не адпавядаюць не толькi навуковасцi, але i звычайнай логiцы. Яны абсалютна наiўныя, пра што сведчаць, на наш погляд, два паданнi аб узнiкненнi татарскага кургана Крычаў. Першае паданне:
«За ракою ёсць высокi курган. Гэта магiла пабiтых татар. З гэтага ж боку ракi месца, дзе татар разбiлi, называецца Крычаў, таму што, калi iх тураўцы прыцiснулi да ракi, татары паднялi страшэнны крык. Хто паспеў пераплысцi раку, таго забiлi на тым баку. Над iмi i насыпаны курган».
Паводле iншага падання аб паходжаннi i лёсе геаграфiчных назваў Беларусi, Крычаў заснавалi яшчэ крывiчы – людзi адной крывi, надаўшы яму сваё iмя – Крывiчаў.
Татарскi след i ў назве нашай сталiцы Менск (сучасны Мiнск).
У ваколiцах старажытнага Менска татары ўпершыню з’явiлiся ў першай палове XV ст. i сустрэлiся там з Вiтаўтам Вялiкiм, якога яны вiншавалi i адорвалi рознай жывёлай i зброяй. I за гэта князь Вiтаут у XVII ст. у раёне вулiц Ракаўскай i Пятнiцкага канца (сучасная тэрыторыя пр. Машэрава, каля Палацу cпорту) стварыў Менскую Татарскую слабаду цi Татарскi канец. («Канцом» звычайна называлi паселiшча, якое знаходзiлася на некаторай адлегласцi ад гарадскога дзядзiнца).
Такiм чынам, як паказала наша даследаванне, татарскi след у тапанiмiчных назвах зямлi беларускай даволi значны, што, бясспрэчна, сведчыць аб непасрэднай сувязi мовы ўвогуле i тапанiмiкi ў прыватнасцi з гiсторыяй i культурай народа.
ЛIТАРАТУРА:
1. Жучкевiч, В.А. Чаму так названа? / В.А. Жучкевiч. – Мiнск, 1969.
2. Жучкевич, В.А. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. – Минск, 1974.
3. Пытаннi беларускай тапанiмiкi. – Мiнск, 1970.
|